Тыдзень гуманiтарных дысцыплiн

13.02.2024

Ад урокаў i сустрэч да экскурсiй па цiкавых месцах… У школе завяршыўся Тыдзень гуманiтарных дысцыплiн. Яркiм, маляўнiчым i змястоўным было кожнае мерапрыемства, прапанаванае нашым вучням.

А пачаўся тыдзень з праверкi ведаў. Каб вучнi i iх бацькi нездарма праводзiлi вольны час, у холе школы настаўнiкi аформiлi тэматычны стэнд «Уключайся! Далучайся! Вылучайся!» з цiкавымi заданнямi, галаваломкамi, крыжаванкамi, рэбусамi i iнфармацыяй з адметнымi фактамi, якiя адлюстроўваюць пытаннi мовы i лiтаратуры, гiсторыi i мастацтва.

Традыцыйна адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў рэспубліканскай гульні-конкурсу «Жураўлік». Самыя актыўныя ўдзельнікі адзначаны прызамі беларускай асацыяцыі «Конкурс».

На працягу Тыдня дзейнiчала выстава малюнкаў «Па старонках любімых кніг». У сваiх працах школьнiкi адлюстравалi не толькi любiмых герояў, але i найбольш упадабаныя сюжэты.

Вучнi 5-6 класаў паказалi свае бачанне на мастацтва ў творчых працах падчас анлайн-выставы «Не Малевич, но похоже» дзяржаўнай ўстановы адукацыi «Сярэдняя школа № 8 г. Светлагорска».

З размовай «Беларуская лiтаратура. Старыя i новыя старонкi» на Тыднi сустрэлася з вучнямi 9-ых класаў дацэнт кафедры лiтаратуры i журналiстыкi фiлалагiчнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А.С. Пушкiна Вольга Мiкалаеўна Кавальчук.

А ўжо на наступны дзень вучнi i настаўнiкi самi завiталi ў госцi на факультэт. Для iх экскурсiю па факультэце правяла дацэнт кафедры беларускай фiлалогii Алена Сцяпанаўна Кавалюк. Таксама наведвальнiкi пазнаёмiлiся з Навукова-асветнiцкiм цэнтрам iмя У.А. Калеснiка, з аўдыторыяй iмя прафесара Г.М. Малажай, з фальклорна-краязнаўчай  аўдыторыяй. Настаўнiкам вельмi цiкава было апынуцца на родным факультэце праз шмат гадоў, а некаторыя вучнi нават зацiкавiлiся магчымасцямi атрымання тут адукацыi пасля заканчэння старэйшай школы.

Шмат цiкавых разважанняў гучала падчас Тыдня ад вучняў 5 i 9Б класаў, дзе адбылiся адкрытыя ўрокi: урок па беларускай лiтаратуры «Якуб Колас. Слова пра пiсьменнiка» i ўрок пазакласнага чытання па рускай лiтаратуры «Истинная красота человека» (по сказке О. Уальда «Мальчик-звезда»).

Вучняў 8-ых класаў вельмi захапiла iдэя стварэння i правядзення гульнi-квэста для малодшых таварышаў. Таму яны правялi сямiкласнiкаў па станцыях пазакласнага мерапрыемства «У лабiрынце мастацтва».

Не менш пазнавальнымi сталi дыдактычная гульня «Беларускi каляндар» ў 6А класе, гульня па станцыях у 5 класе «Гадзіна займальнай мовы», а таксама свая гульня «Эрудыт» для вучняў 7-ых класаў.   Гэтыя мерапрыемствы сталi добрым сродкам матывацыі вучняў да пазнавальнай дзейнасці.

Дакрануцца да роднага слова атрымалася ў вучняў 7Б i 8Б класаў, якiя запрасiлi зацiкаўленых на лiтаратурную гасцёўню «Палеская ластаўка», прысвечаную жыццю i творчасцi беларускай паэткi Я. Янiшчыц. Сустрэча стала запамiнальнай па атмасферы i натхнёнасцi, а са слоў удзельнікаў мерапрыемства ў кожнага была магчымасць дакрануцца да скарбаў i таямнiц мiлагучнай роднай мовы.

Зацiкавiлiся хлопчыкi i дзяўчынкi прапановамi кіраўнікоў школьных праектаў прадставіць вынікі сваёй працы на шырокую аўдыторыю. Далучылiся да мерапрыемстваў i дарослыя. Незвычайна было назіраць над спрэчкамі ўдзельнікаў праекта «Дэбаты», якія паднялі актуальную для дыскусii тэму «Тэхнічныя і гуманітарныя навукі на службе прагрэсу – грані аднаго свету?» З цікавасцю адправіліся госці тэматычнага тыдня ў віртуальную экскурсію «У аб'ектыве – Брэст» з удзельнікамі праекта «Школа краязнаўства». Разгледзець форму i адчуць мiлагучнасць рускага санета дапамаглi чытачы праекта «Лiтаратурная гасцёўня». А юныя журналiсты аднайменнага праекта прадэманстравалі свае веды ў анлайн-віктарыне «Журналiна»  медыяшколы «NonstoP».

Захапіла гледачоў традыцыйная гульня «Што? Дзе? Калі?» ад настаўніка гісторыі. Знатакі не толькі давалі правільныя адказы, але і вучыліся калектыўнай працы, аргументацыі сваіх думак і поглядаў.

Завяршыўся Тыдзень гуманітарных дысцыплін у шосты школьны дзень. З самай ранiцы вучнi бадзера накiравалiся на экскурсiю ў этнаграфiчны музей «Спадчына» дзяржаўнай установы адукацыi «Сярэдняя школа № 15 г. Брэста», дзе пазнаёміліся з уладкаваннем сялянскага дома, культурай і традыцыямі, якія існавалі ў даўнія часы ў нашых продкаў.

поделиться в: