«Там пакiнуў я душы часцiцу…»
24.09.2024«Там пакiнуў я душы часцiцу…»
У музеi-сядзiбе Мiцкевiчаў «Завоссе» на Баранавiччыне традыцыйна ладзiлi свята «Восень у Завоссi» з нагоды нараджэння пiсьменнiка Адама Мiцкевiча. Менавiта тут нарадзiўся наш славуты зямляк, а адноўленая ў 1998 годзе сядзiба стала цэнтрам прыцягнення аматараў лiтаратуры i гiсторыi.
21 верасня далучыцца да лiтаратурна-музычнага фестывалю, у межах якога адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў творчага конкурсу, прысвечанага жыццю i творчасцi Адама Мiцкевiча, сярод дзяцей i моладзi Брэсцкай вобласцi, запрасiлi i навучэнку 9В класа нашай школы Марыю Плявака, якая пад кiраўнiцтвам настаўнiка гiсторыi А.М. Сенатарава стала пераможцай i атрымала дыплом першай ступенi ў намiнацыi «Проза».
Прапануем i вам атрымаць асалоду ад знаёмства з прадстаўленай на конкурс творчай работай:
Эсэ «Дакрануцца да маўклiвых сведак»
Скажу шчыра, з тэмай эсэ мне вельмі пашанцавала. Справа ў тым, што на працягу апошніх чатырох гадоў нашы сямейныя вандроўкі перакрыжоўваліся з творчасцю паэта і мясцінамі, звязанымі з яго жыццёвым лёсам. Адным словам, калі я ўяўляю нейкае больш-менш грунтоўнае падарожжа, мой мозг у першую чаргу малюе ў свядомасці нешта «міцкевічскае»: ці то старая альтанка ў Завоссі, ці то ўрывак з «Гражыны», ці то сцежка да Свіцязі... Таму пісаць для мяне зараз проста і прыемна.
Першае знаёмства з Міцкевічам атрымалася неяк спантанна... Мы рухаліся ў бок Іўя і знянацку наскочылі на вёску Літоўку. І вось на аўтобусным прыпынку, у глыбі пасажырскай альтанкі, прыгожым шрыфтам мясцовы майстар выгравіраваў урывак з «Гражыны»:
Не знойдзецца сягоння ў Навагрудскай гміне
Ніводзін, хто не знаў бы песні аб Гражыне.
Бо й дудары пяюць, і паўтараюць дзеўкі…
А месца бітвы той цяпер завуць Літэўкі.
Ад гэтага радка шла нейкая таямнічасць, подых гісторыі, сапраўдны дух даўніны і вялікая цікавасць да амаль што невядомай для мяне творчасці.
Вось так у мае сэрца вайшоў Міцкевіч. І не дарослым, знакамітым на ўвесь свет яснавяльможным панам з суровым, задуменным тварам, які мы прывыклі бачыць на помніках ці партрэтах, а маладым панічам, студэнтам Віленскага ўніверсітэта, прыехаўшым на канікулы ў родную Наваградчыну, і запрашаючым мяне на шпацыр па ваколіцах Свіцязі... Праглынуўшы «Гражыну», «Конрад Валенрод», доўга смакуючы «Дзяды» і «Пан Тадэвуш», я зразумела, па-першае, што мне вельмі пашанцавала, што закахалася і паглыбілася, насамрэч, у дзівоснае мастацтва, а па-другое, што вельмі бедна ведаю пра аўтара і яго жыццевы лёс. І вось, высмактаўшы ўсё, што можна было знайсці даступнага пра Міцкевіча, са здзіўленнем даведалася пра цэлы абшар, звязаны з гісторыяй яго жыцця, пра населеныя пункты, прыродныя аб’екты, працуючыя экспазіцыі, рэканструкцыі, выставы. Таму наступнае сямейнае падарожжа можна было планаваць у адпаведнасці са старонкамі біяграфіі паэта.
Пачыналі з утульнага Завосся. Добрае, чыстае месца, дзе дыхаецца дзяцінствам. Месца, дзе ты адчуваеш сябе сябрам малога Адама, які толькі што недзе нашкодзіў і схаваўся ў свой летнік. Музей дыхае атмасферай бесклапотнасці, радасці і шчырасці, якая зыходзіць не толькі ад самой экспазіцыі, але і ад супрацоўнікаў, укладаючых у сваю справу ўсю душу і сэрца.
Наступным пунктам было возера Свіцязь.
Калі ты ў Наваградак трапіш, бывае,
Скіруй – не забудзь – на Плужыны.
У пушчы, дзе сцежка гушчар расхінае,
Ты коней спыні ля альшыны.
Гэтыя радкі на наступнае падарожжа на памяць ведала ўжо ўся сям`я і дэкламавала, калі мы пад’язджалі да возера. Насамрэч, дзівоснае месца. Здаецца, тут анічога і не змянілася з часоў Міцкевіча: той жа гушчар, стагоднія дубы і вязы, сцежка да возера… І ноччу, не паслухаўшы перасцярог паэта, на зваротным шляху пабачылі «рой зор над сабою і рой зор пад сабою». Увогуле, на гэтым возеры адчуваеш сябе часткай нейкай таямнічай гісторыі. Так і здаецца, што вось зараз на тваіх вачах сюды пад’едзе пан з Плужын са сваёй хеўрай і пачне закідваць у ваду невад… Шчыра кажучы, падкупае яшчэ дзіўная празрыстасць і чысціня вады, форма ў выглядзе люстэрка, разнастайнасць фарбаў лесу (асабліва восенню), які абрамляе возера. Таму, дзякуй Богу, што стварыў гэту незабыўную прыгажосць, і дзякуй Міцкевічу, што надаў сваімі творамі гэтым мясцінам непаўторна магічную атмасферу.
Развітаўшыся са Свіцяззю, рушылі да Тугановіч, але яны сёння зусім і не Тугановічы, а вёска Карчова. І зноў жа, як у папярэдніх мясцінах, тут усё дыхае Міцкевічам: і Туганаўскі парк, і камень філаматаў. Здаецца, што іду па гэтай алее не з бацькамі і братам, а з сябрамі – Тамашам Занам і Ігнатам Дамейкам, разважаючы пра лёс краіны, ну і, вядома, пра каханне. Можна толькі ўявіць, як дзесьці тут, у фурманцы дзевятнаццацігадовы Адам прыехаў да маёнтка Верашчакаў у дзень народзінаў прыгожай паненкі Марылі, каб на ўсё жыццё застацца закаханым у яе. Можна ўявіць, як па парку разносіліся гукі фартэпіяна, будзіўшыя ў грудзях паніча пяшчотныя і, у той самы час, самотныя пачуцці. І сапраўды, збудзецца прыгожае прароцтва Мечыслава Яструна: «Пройдзе сто гадоў – а гэтыя двое застануцца ў туганавіцкім парку. Пройдзе дзвесце гадоў – і белая сукенка Марылі, доўгая, што да шчыкалатак захінае ногі, будзе бялець сярод цёмных дрэваў».
Далей трэба было рушыць да Наваградка. «Наш слаўны Наваградак з добрым, верным людам…», – так пісаў аб горадзе Міцкевіч. Да нашых дзён захаваўся касцёл, дзе ахрысцілі маленькага Адама, дамініканская школа, дзе навучаўся будучы паэт, і дом, дзе жыў з бацькамі. Усё гэта дыхае даўніной. А ўтульныя вулачкі Наваградка нясуць нам шчырае прывітанне ад юнага Адама Міцкевіча, якому наканавана быць вядомым на ўвесь свет паэтам і праславіць сваю родную Наваградчыну. Дарэчы, спыніліся мы ў цудоўным гатэлі з прыгожай назвай – «Гражына». А ўвечары наведалі не менш атмасферную, тэматычна стылізаваную кавярню. «Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі…»
Засталося дзве лакацыі – магіла Марылі Верашчакі ў Беняконях і маёнтак Путкамераў у Больцініках. Нягледзячы на тое што гэтыя вёскі знаходзяцца аж на самой мяжы з Літвой і нясуць яны атмасферу жалю і няздзейсненых мараў, гэта ёсць частка жыццевага лёсу паэта, таму падарожжа скончылася толькі пасля наведвання гэтых мясцін. І гэта было цудоўнае падарожжа, час апускання душы і розуму ў гісторыю свайго краю, у багатую на падзеі біяграфію Міцкевіча. Гэта была своеасаблівая візуалізацыя шмат якіх фрагментаў твораў паэта, якія паўсталі перад вачыма ўжывую, дакрананне да тых мясцін, сцежак, вады, раслін, камянёў, пабудоў, да якіх дакранаўся, сярод якіх жыў, працаваў, разважаў, хварэў душою, кахаў, натхняўся вялікі паэт Беларусі, Польшчы і Літвы Адам Міцкевіч.
І, дзякуй Богу, што ў нашай краіне захавалася памяць і пашана ўсхваліўшаму ўсім сэрцам свой край, што ў любым перакладзе даступны яго творы. Спадзяюся, што любоў да Міцкевіча я змагу перадаць другім людзям, знаёмячы іх з яго творчасцю і старонкамі жыцця. Таксама маю ў планах намер наведаць Вільню, каб пабачыць гняздо філаматаў, месца, дзе кавалася імклівая, творчая, ахвярная натура, стаўшая зоркай сусветнай паэзіі, імя якой Адам Міцкевіч.